Free Belarus Museum
⚪️музей барацьбы беларусаў за свабоду
🔴культурная прастора ў цэнтры Варшавы
⚪️месца дыялогу і яднання
12/06/2026
У Музеі Вольнай Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Медалём «Няскораных» за асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека быў узнагароджаны беларускі юрыст, адвакат, палітык і былы палітычны зняволены Максім Знак.
Крыжом Дабрасуседства быў узнагароджаны шведскі палітык, дэпутат Рыксдага, член Камітэта па абароне, Ваеннай дэлегацыі, дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі НАТА і кіраўнік шведскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Б’ёрн Олаф Сёдэр.
Пасля цырымоніі мы правялі для спадара Сёдэра экскурсію па выставе «Дэпатрыяцыя», а затым пазнаёмілі з экспазіцыяй Святлану Ціханоўскую.
Асаблівае ўражанне на палітыкаў зрабілі спаленыя бюлетэні і значок «16» - адзін з сімвалаў «джынсавай рэвалюцыі». Падчас экскурсіі спадар Сёдэр задаваў шмат пытанняў пра гісторыю рэжыму Лукашэнкі, яго станаўленне і пра тое, як беларусы жывуць ва ўмовах дыктатуры сёння. Напрыканцы візіту ён пакінуў словы падзякі ў кнізе водгукаў Музея.
Запрашаем і вас наведаць выставу «Дэпатрыяцыя», якая працуе ў Музеі Вольнай Беларусі да 26 чэрвеня. Таксама вы можаце запісацца на персанальную экскурсію з гісторыкам і даведацца больш пра гісторыю беларускага супраціву.
12/06/2026
Кава з гісторыкамі ў Музеі Вольнай Беларусі ўжо ў гэтую нядзелю!
Тэма спаткання: Памяць і Архівы: Даўней і зараз. Як запісваліся, трансляваліся і выкарыстоўваліся звесткі пра мінулае ў традыцыйным грамадстве і зараз.
Вы дазнаецеся:
- Пра тое, у чым розніца паміж памяццю і гісторыяй.
- Пра легендарныя і рэальныя гістарычныя факты аб пачатках родаў Радзівілаў, Глябовічаў, Міцкевічаў і іншых родаў ВКЛ.
- Як функцыянуе гістарычная памяць у вясковай супольнасці: антрапалагічны ракурс нарацыі пра вайну і акупацыю.
- З чаго складаецца і як працуе сучаснае навуковае вывучэнне гістарычнай памяці і палітыка памяці ў Беларусі.
Запрашаем на размову пра тое, як грамадства захоўвае мінулае і чаму памяць застаецца важнай часткай нашай ідэнтычнасці.
📍 Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11/1
Нядзеля, 15 чэрвеня, 15:00
Спасылка на зум:
https://www.youtube.com/channel/UCD6hLYCQBH0eGJOj0cUnq2Q
10/06/2026
«Дэпатрыяцыя»: як прайшло адкрыццё праекта па выратаванні пратэстных артэфактаў у Музеі Вольнай Беларусі
Нягледзячы на надвор’е, вы знайшлі час і жаданне быць разам з намі. Шчыра дзякуем кожнаму за падтрымку!
Адкрываючы выставу, дырэктарка Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская распавяла пра праект «Дэпатрыяцыя» і пра супрацоўніцтва з людзьмі ў Беларусі. Нам падаецца, што разам мы захоўваем не толькі матэрыяльную спадчыну і сведчанні найноўшай гісторыі, але і падтрымліваем жывыя сувязі паміж тымі, хто быў вымушаны з’ехаць, і тымі, хто застаўся.
З вітальным словам да гасцей таксама звярнуўся Роланд Хайнацкі, дырэктар Дэпартамента культурнай дыпламатыі і прасоўвання Польшчы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Сваімі гісторыямі падзяліліся і ўдзельнікі выставы:
• Паліна Шарэнда-Панасюк — беларуская грамадская актывістка з Брэста, палітзняволеная, якая стала сімвалам стойкасці і непахіснасці перад дзяржаўнымі рэпрэсіямі. Ёй удалося перадаць Музею бюлетэні з выбараў 2020 года, якія рэжым спрабаваў спаліць у кацельні.
• Кацярына Карпіцкая, журналістка. На выставе прадстаўлена яе журналісцкае пасведчанне, на якім захаваліся сляды спробы аднаго з сілавікоў разарваць дакумент.
• Уладзімір Лапцэвіч — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч з Магілёва. На выставе можна пабачыць частку яго прыватнага архіва: збор дакументаў і выданняў 1990-х і пачатку 2000-х гадоў — матэрыялы пра парушэнні грамадзянскіх правоў у Магілёве, дакументы грамадскіх і палітычных арганізацый, у тым ліку Беларускай Народнай Грамады, рэгіянальную незалежную прэсу, а таксама сведчанні першых выбарчых кампаній незалежнай Беларусі.
Дзякуем усім, хто дапамагае захоўваць гісторыю.
«Дэпатрыяцыя» працуе ў Музеі Вольнай Беларусі да 26 чэрвеня. Запрашаем!
*Выстава арганізавана пры падтрымцы Belarus Beehive i Еўрапейскага Саюза
08/06/2026
Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі Вольнай Беларусі ўжо заўтра!
Хочам крыху прыадкрыць заслону над праектам і расказаць пра некалькі экспанатаў, якія нам давялося эвакуяваць.
«Дэпатрыяцыя» - гэта праект па выратаванні артэфактаў беларускай гісторыі. Рэчаў, якія ў нармальнай сітуацыі павінны былі б заставацца дома, у Беларусі. Але сёння для многіх з іх бяспечней знаходзіцца ў музеі ў Варшаве.
Сярод прадметаў, якія былі эвакуяваныя ў межах праекта:
▪️ запрашэнне на акцыю «Чарнобыльскі шлях - 96»;
▪️ брашура «Шлях у нікуды, альбо Два гады прэзідэнцтва А. Лукашэнкі», выдадзеная ў 1996 годзе;
▪️ перадвыбарчая ўлётка Станіслава Шушкевіча з прэзідэнцкай кампаніі 1994 года;
Прадметы з гістарычных 1990-х гадоў доўгі час захоўваліся ў Беларусі. Цяпер яны вымушана знаходзяцца па-за межамі краіны, каб іх можна было захаваць і паказаць людзям.
Гэта толькі некалькі прыкладаў з амаль 170 артэфактаў, якія музей атрымаў за час рэалізацыі праекта «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі». І мы працягваем атрымліваць новыя прадметы.
Апошнія месяцы каманда музея разам з людзьмі ў Беларусі працавала над тым, каб бяспечна вывезці, задакументаваць і захаваць гэтыя сведчанні беларускай гісторыі. Паралельна ствараліся каталог «Дэпатрыяцыя» і адукацыйныя матэрыялы пра тое, як захоўваць гістарычныя артэфакты ў хатніх умовах.
З меркаванняў бяспекі многія гісторыі ўдзельнікаў праекта застануцца ананімнымі. Але іх сведчанні можна будзе ўбачыць на выставе.
Адкрыццё выставы: 9 чэрвеня, 18:00
Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11/1, Warszawa
Чакаем вас.
05/06/2026
Важна для нашых падпісчыкаў у Беларусі ❗️
Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод іншага ў яго былі ўключаныя старонка Музея Вольнай Беларусі ў Facebook і лагатып музея.
Мы лічым важным папярэдзіць нашых падпісчыкаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Цяпер падпіска на старонку Музея Вольнай Беларусі, узаемадзеянне з яе кантэнтам або распаўсюд матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», могуць ствараць для вас дадатковыя рызыкі.
Таму, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, просім паставіцца да гэтага з увагай і паклапаціцца пра ўласную бяспеку.
05/06/2026
Фінісаж выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» прайшоў па-дударску - цёпла і гучна.
Падчас куратарскай экскурсіі даследчык і дудар Яўген Барышнікаў распавёў пра гісторыю беларускай дуды: адкуль гэты інструмент прыйшоў на нашы землі, у якіх крыніцах згадваецца і як яго вобраз выкарыстоўваецца сёння - ад народнай культуры да дзяржаўных наратываў.
Пасля экскурсіі ўсе ахвотныя маглі ў майстэрні паспрабаваць сябе ў ролі дудара, а таксама задаць свае пытанні падчас адкрытай дыскусіі пра сучасны стан беларускага дударства.
Адной з галоўных тэм сустрэчы стала пытанне: ці варта сёння дамагацца ўключэння беларускай дуды ў спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА? На працягу ўсёй выставы ў музеі стаялі скрыні для галасавання, і вынік аказаўся вельмі выразным: пераважная большасць удзельнікаў лічыць, што так, варта, нягледзячы на ўсе выклікі і абставіны.
Дзякуем усім наведвальнікам за цікавасць да праекта, дударам, якія даверылі нам свае ўнікальныя інструменты, і асабліва Яўгену Барышнікаву.
Праект фінансуецца са сродкаў сталічнага горада Варшавы.
01/06/2026
У Беларусі можна трапіць пад пераслед за рэчы, якія мы пакажам на гэтай выставе.
9 чэрвеня ў Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца «Дэпатрыяцыя».
Гэты тэрмін сустракаецца рэдка, але добра апісвае рэальнасць, у якой апынуліся беларусы. Калі Радзіма больш не можа абараніць свае знакі. Калі нацыянальныя сімвалы і артэфакты пратэсту вымушаныя пакідаць краіну, каб выжыць.
Апошнія месяцы каманда музея разам з людзьмі ў Беларусі працавала над тым, каб бяспечна вывезці і захаваць прадметы, якія сёння могуць стаць падставай для пераследу.
На выставе вы ўбачыце рэчы, што былі побач з людзьмі падчас маршаў і дваровых сустрэч. Рэчы, якія хавалі ад ператрусаў. Рэчы, што захавалі памяць пра салідарнасць і супраціў.
За час праекта музей атрымаў каля 170 артэфактаў і некалькі тысяч фотаздымкаў і відэазапісаў. З меркаванняў бяспекі многія гісторыі на выставе застануцца ананімнымі. Але іх галасы будуць пачутыя.
Адкрыццё: 9 чэрвеня, 18:00
Музей Вольнай Беларусі, Warszawa, Foksal 11/1
Чакаем вас.
#музейвольнайбеларусі
*Гэта дзейнасць ажыццяуляецца пры падтрымцы Belarus Beehive i Еўрапейскага Саюза
29/05/2026
Музей Вольнай Беларусі правёў даследаванне аўдыторыі, каб лепш зразумець вашыя інтарэсы, патрэбы і чаканні ад музея.
У апытанні ўзялі ўдзел 50 чалавек: 37 анлайн-рэспандэнтаў і 13 наведвальнікаў, якія запоўнілі анкеты непасрэдна ў музеі. Мы пыталіся пра найбольш цікавыя фарматы мерапрыемстваў, досвед наведвання музея, камунікацыю і тое, што, на вашу думку, варта палепшыць.
Галоўнае, што паказала даследаванне - вакол музея ўжо сфармавалася моцная і лаяльная супольнасць.
Большасць нашай аўдыторыі - людзі, якія ўжо актыўна ўдзельнічаюць у культурным жыцці, наведваюць музеі, выставы і іншыя культурныя падзеі. Таму для нас важна не проста прыцягнуць увагу, а ствараць прастору, у якую хочацца вяртацца.
Прачытаўшы вашыя адказы, музей плануе больш развіваць інтэрактыўныя элементы выстаў, працягваць працу над стварэннем пастаяннай экспазіцыі і пашыраць праграму мерапрыемстваў у адпаведнасці з вашымі інтарэсамі.
Мы таксама працягнем развіваць трохмоўны кантэнт, экскурсіі на беларускай, польскай і англійскай мовах, відэафарматы, рассылку з анонсамі падзей і праграму лаяльнасці для пастаянных наведвальнікаў.
Дзякуй усім за ўдзел у апытанні, давер і падтрымку.
Калі ў вас ёсць ідэі, заўвагі або прапановы - пішыце і прыходзьце ў музей. Мы заўсёды адкрытыя да дыялогу.
*Апытанне аўдыторыі праводзілася ў межах праекта “Музей Вольнай Беларусі: узмацненне патэнцыялу дзяля беларускай культуры”. Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.
Kliknij tutaj, aby odebrać Sponsorowane Ogłoszenie.
Kategoria
Skontaktuj się z firmę
Telefon
Strona Internetowa
Adres
Ulica FoksAleja 11-1
Warsaw
00-327
Godziny Otwarcia
| Wtorek | 16:00 - 20:00 |
| Środa | 16:00 - 20:00 |
| Czwartek | 16:00 - 20:00 |
| Piątek | 16:00 - 20:00 |
| Sobota | 12:00 - 20:00 |
| Niedziela | 12:00 - 20:00 |